Фрунзенская районная организация г. Минска РОО «Белая Русь»

Фрунзенская

районная организация г. Минска

Республиканское Общественное Объединение “Белая Русь”

Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра ЛУКАШЭНКІ

Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра ЛУКАШЭНКІ

ДАРАГІЯ СУАЙЧЫННІКІ!

Мы павінны будзем вызначыць БУДУЧЫНЮ НАШАЙ БЕЛАРУСІ. Краіны, якую мы будавалі чвэрць стагоддзя разам, сваёй працай ствараючы сучаснае аблічча новай еўрапейскай дзяржавы.

Да сваёй мэты ішлі шляхам мірнага тварэння.

Атрымалі суверэнітэт у межах існуючых граніц Беларусі. На абломках вялікай Савецкай імперыі стварылі незалежную дзяржаву, упершыню ў гісторыі!

У надыходзячы час мы зробім усё неабходнае для ўмацавання, захавання і прымнажэння яе асноў.

Усякая палітыка (знешняя і ўнутраная) толькі тады чагосьці вартая, калі яна прыносіць у выніку карысць людзям. Таму лозунг «Дзяржава для народа!» вызначае галоўныя напрамкі развіцця.

БЕЛАРУСЬ — КРАІНА МАГЧЫМАСЦЯЎ

Забеспячэнне міру і бяспекі грамадства даўно стала нашым брэндам. Беларусь ёсць і будзе краінай для творчага развіцця асобы.

Пры наяўнасці ў чалавека мэты і жадання яе дасягнуць дзяржава працягне ствараць усе неабходныя ўмовы для яе рэалізацыі. Але ўсе павінны разумець, што без штодзённай працы іх мары застануцца проста марамі.

АСАБІСТАЯ АДКАЗНАСЦЬ КОЖНАГА ЗА ЛЁС КРАІНЫ

Па меры таго як мянялася наша Беларусь, мяняліся мы. Гатоўнасць беларусаў браць на сябе адказнасць за лёс краіны відавочная.

І ступень гэтай адказнасці ўстановіць сам народ.

Але па законе! Не на вуліцах і плошчах, а праз прававыя адносіны.

Пачнём з Канстытуцыі.

Беларусы падчас усенароднага абмеркавання вызначаць свае правы, свабоды і абавязкі, а таксама паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады.

ГАЛОЎНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ — ЛЮДЗІ І СПРАВЯДЛІВАЕ СТАЎЛЕННЕ ДА ІХ

Мы бачым нашы перспектывы і шляхі дасягнення новых мэт.

Эпоха лічбавізацыі і штучнага інтэлекту — эпоха высокаадукаваных людзей. Таму асноўную ўвагу аддадзім новай якасці адукацыі і яе адаптацыі да патрэб жыцця грамадства.

Адукацыю захаваем даступнай і сучаснай. Усямерная падтрымка дзяржавы тым, хто жадае і гатовы вучыцца, і надалей будзе гарантаваная. Будуць удасканалены праграмы і методыкі адукацыйнага працэсу як у школе, так і ў ВНУ.

Адукацыя будзе практыкаарыентаваная.

У новым фармаце ўступных экзаменаў у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе ўлічаны вопыт і тэсціравання, і сумоўя з абітурыентам.

Пандэмія паказала, наколькі важнае для абароны і развіцця краіны здароўе чалавека.

Адукацыя і ахова здароўя будуць аднолькава даступныя ўсім беларусам і фінансавацца дзяржавай. З улікам работы сістэмы аховы здароўя ва ўмовах эпідэміі COVІD-19 дзяржава працягне актыўна інвеставаць ва ўдасканаленне і развіццё існуючых медыцынскіх цэнтраў, бальніц і паліклінік.

АД ЗАХАВАННЯ — ДА ПРЫМНАЖЭННЯ

У сферы эканомікі мы не пойдзем на шокавую тэрапію. Таму што расплачвацца за радыкальныя рэформы будуць самыя неабароненыя пласты насельніцтва — тыя, хто ўсё жыццё працаваў і ўздымаў краіну з руін перабудовачнай эпохі.

Нашы рэформы — гэта ўдасканаленне таго, што створана. Нельга дапусціць злому сістэмы і забраць у людзей гады стабільнага і шчаслівага жыцця, як гэта адбывалася і адбываецца ў шэрагу краін свету. Аднавіцца пасля такіх узрушэнняў практычна немагчыма.

Безумоўным прыярытэтам застанецца рост даходаў грамадзян. На працягу пяцігодкі сярэдняя заработная плата ў Беларусі вырасце ў 2 разы.

Для гэтага мы дадзім максімальную падтрымку інвестарам, перш за ўсё — нацыянальным. Тым, хто гатовы сумленна і справядліва ўкласці грошы ў нашу краіну, будуць забяспечаны максімальна простыя працэдуры вядзення бізнесу. Абсалютна роўныя магчымасці і ўмовы для прыватных і дзяржаўных кампаній.

Сітуацыя паказала, наколькі важна ліквідаваць залежнасць краіны ў нафтагазавай, фінансавай і іншых сферах. Вырашаючы гэтыя пытанні, будзем прытрымлівацца сусветных тэндэнцый стварэння новых галін эканомікі. У нас гэта добра атрымліваецца (ПВТ, атамная энергетыка, космас). Працягнем актыўную лічбавізацыю і фарміраванне паўнавартаснай «зялёнай эканомікі» (экапрадукты, электратранспарт, аднаўляльная энергія).

Захаваўшы традыцыйныя вытворчасці, на якіх Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, развіваючы новыя кірункі, мы выйдзем на сярэднесусветныя тэмпы эканамічнага развіцця.

АСАБЛІВАЯ ЎВАГА — РЭГІЁНАМ

Трылогія «Малой радзімы» паказала, наколькі беларусы прывязаныя да роднай зямлі і чакаюць ад улады прагрэсіўных рашэнняў.

Прыйшоў час звярнуць самую пільную ўвагу на размеркаванне прадукцыйных сіл краіны. Дзякуючы перспектыўным праектам у малых гарадах і пасёлках людзі будуць жыць не горш, чым у абласных цэнтрах і сталіцы. Новая якасць аграрнай эканомікі падыме прэстыж працы і жыцця людзей у вёсцы.

Вытокі сучаснай Беларусі — у сельскім укладзе. Наш гістарычны абавязак — знайсці гаспадароў для тысяч пакінутых зямельных участкаў. Прапанаваць найлепшыя ўмовы для будаўніцтва індывідуальнага жылля. Для тых, хто зробіць такі выбар, мы створым неабходную інфраструктуру (хуткасны транспарт, хуткія дарогі) і забяспечым сучасныя сацыяльныя стандарты (школы, дзіцячыя сады, паліклінікі, забаўляльныя цэнтры, спартыўныя пляцоўкі). Усё гэта дазволіць рэгіёнам стаць цэнтрамі прыцягнення для жыцця.

БЕЛАРУСЬ — ДОНАР СТАБІЛЬНАСЦІ

На працягу чвэрці стагоддзя мы з вамі будавалі Беларусь — наш агульны дом з вокнамі і на Усход, і на Захад. Мы заўсёды былі адкрытыя для сяброўства і супрацоўніцтва. Ніколі не ўмешваліся ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў. Наша міралюбная дыпламатыя была і застанецца залогам бяспекі беларусаў.

Але мы ўступаем у эпоху глабальных геапалітычных узрушэнняў.

Будзе зроблена ўсё, каб рознагалоссі ў знешняй палітыцы не адбіліся на дружбе народаў, якім наканавана жыць побач на гэтай зямлі ў цэнтры Еўропы, а геаграфія дружалюбных нам краін пашырылася.

Дарагія беларусы, грамадзяне краіны!

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ КАШТУЕ ДОРАГА, АЛЕ ЯНА ВАРТАЯ ТАГО, КАБ ЯЕ ЗАХАВАЦЬ І ПЕРАДАЦЬ НАСТУПНЫМ ПАКАЛЕННЯМ.

ЗА НАМІБЕЛАРУСЬ!

Источник: Республиканское общественное объединение «Белая Русь»

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 1504 раз